«Народная воля» выйграла два суды за 1 тыдзень
Cуд Ленінскага раёна г. Мінска адхіліў зыск пенсіянера да рэдакцыі «Народнай волі». Патрабаванне Аляксандра Пестракова абараніць «зняважаныя газетай» гонар і годнасць ветэранаў суддзя Т. Дарашчонак пакінула без разгляду, бо зыскоўца на гэта ніхто не ўпаўнаважваў. Непадведамасным суду прызналі яго патрабаванне абавязаць газету прыпісваць пад загалоўкам, што выданне з’яўляецца недзяржаўным і апазіцыйным.
аўторак, 10 жніўня 2010
Нагодай для зыску стаў перадрук «Народнай воляй» вясной г.г. вытрымак з кнігі Іллі Копыла «Нябышына. Вайна», дзе аўтар прапаноўваў «альтэрнатыўны» погляд на пэўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ролі некаторых яе ўдзельнікаў. (У красавіку г.г. гэтая ж публікацыя была нагодай для некалькіх пікетаў каля рэдакцыі выдання, у тым ліку і ветэранскага).
Зыскоўца таксама вырашыў, што публікацыі зневажаюць удзельнікаў вайны, мінскага падполля і беларускіх партызан, і запатрабаваў апублікаваць у газеце прабачэнні за іх дыскрэдытацыю. Акрамя гэтага, пенсіянер хацеў, каб суд абавязаў газету абазначыць пад загалоўкам сваю «недзяржаўнасць», і вызначыў, ці могуць бакі па-рознаму трактаваць закон «Аб СМІ» — кожны на сваю карысць.
Дапушчаны на працэс па зыску Аляксандра Пестракова ў якасці прадстаўніка грамадскасці намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Б
астунец задаволены зыходам справы. «Мне складана ўявіць сабе, якім чынам суд мог бы разглядаць патрабаванні зыскоўца па сутнасці», — зазначыў ён у гутарцы з прэс-службай БАЖ.
Днямі рэдакцыя «Народнай волі» выйграла яшчэ адну справу — Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне Ленінскага раённага суда, які адхіліў зыск прарэктара Гомельскага дзяржаўнага універсітэта Сяргея Ханені аб абароне гонару і годнасці. Сп. Ханеня хацеў спагнаць з рэдакцыі 95 мільёнаў 500 тысяч рублёў.
Паводле прэс-службы ГА «Беларускай асацыяцыі журналістаў»
